25-ы ЖНІВЕНЬ Набліжаецца вялікае нацыянальнае сьвята — Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. 29 гадоў таму 25-га Жніўня 1991 года адбылася гістарычная падзея і палітычны цуд, які перавярнуў сьведамасьць беларусаў, вызначыў новае гістарычнае існаваньне Беларусі. Дэклярацыя аб суверэнітэце БССР была зацьверджана сэсіяй Вярхоўнага Савета ў якасьці Канстытуцыйнага закона і аб'яўлена Незалежнасьць Беларусі. Цуд жа заключаўся ў тым, што генератарам і вырашальнай сілай гэтых гістарычных падзей былі дэпутаты фракцыі Беларускага Народнага Фронту (Апазыцыя БНФ), якія складалі значную меншасьць (10%) у камуністычным Вярхоўным Савеце, але пры падтрымцы іншых дэмакратычных дэпутатаў і тысячаў людзей за сьценамі парляманту здолелі пераламаць супраціў камуністаў, і парлямант аднагалосна прагаласаваў за незалежнасьць Беларусі. А ў канцы дэпутаты Фронта і дэмакратычныя прыхільнікі БНФ здолелі яшчэ спыніць дзеяньне КПСС і камсамола ў Беларусі і зрабілі гэтую фантастычную палітычную перамогу галасамі большасьці самых камуністаў, якія здаліся перад абставінамі cвабоды. Наша воля цудоўная. Наша незалежнасьць магутная. Шануйма нашу волю і незалежнасьць Беларусі. Шануйма 25-ы Жнівень 1991 года. Гэта вялікі Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Наша гісторыя вялікая і багатая. 25-га Сакавіка 1918 года, пасьля больш чым ста гадоў расейска-царскай акупацыі, была аб'яўлена незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Новая беларуская нацыя, якая вырасла зь Вялікага Княства Літоўскага, аб'явіла аб сваёй незалежнай дзяржаве. Беларуская нацыянальная ідэя ажыцьцявілася. Потым была зноў акупацыя і страшная ноч маскоўскага камунізму, калі Беларусь страціла свабоду, тэрыторыю і гарады, і амаль два мільёны людзей, якіх забілі і замучылі акупанты. І вось 25-ы Жнівень 1991 год — Беларусь паўстала, уваскрэсла тады, калі ўжо ворагі яе амаль пахавалі. Жыве Беларусь! Слава Айчыне! 25-га Жніўня — нацыянальнае сьвята Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь трэба адзначыць на плошчах у Менску і ва ўсіх гарадах Беларусі. Хай гучыць зноў наша вялікая Беларуская Мова ў песьнях і клічах "Жыве Беларусь!"! Хай веецца наш сьвяты, паліты крывёй беларусаў, дзяржаўны Бела-Чырвона-Белы Сьцяг! Хай узносіцца старажытная наша Пагоня і гучыць наш гістарычны беларускі гімн БНР, зьмест якога ўвабраў нашу гісторыю і сёньняшні дзень. Віншую ўсіх беларусаў з Днём Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь! 25 жніўня 2020 года аб 19.00 — усе на плошчу Незалежнасьці. Г І М Н Мы выйдзем шчыльнымі радамі На вольны родны свой прастор. Хай воля вечна будзе з намі, А гвалту мы дамо адпор! Дамо адпор! Няхай жыве магутны, сьмелы Наш беларускі вольны дух. Вольны дух. Штандар наш бел-чырвона-белы, Пакрый сабой народны рух. На бой! За шчасьце і за волю Народу слаўнага свайго! Браты, цярпелі мы даволі, На бой — усе да аднаго! Да аднаго! Імя і сілу беларуса Няхай пачуе й убачыць той, Убачыць той, Хто сьмее нам нясьці прымусы І першы выкліча на бой. Браты, да шчасьця мы падходзім: Хай гром грыміць яшчэ мацней! У крывавых муках мы народзім Жыцьцё Рэспублікі сваей! Вельмі актуальна гучыць цяпер наш гімн. Нібы пра сёньняшнія дні напісаны. 23 жнівень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК http://www.narodnaja-partyja.org/00--Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja--fr--pg/00--Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja--bk--an--01/25-yzniven