ЗАЎВАГІ АБ ФАЛЬШЫВЫХ ВЫБАРАХ Зянон ПАЗЬНЯК. Сьвятлана Ціханоўская выйшла з гульні. Зьявілася жорсткая палітычная ацэнка яе ролі і ўчынку з боку Віталя Портнікава. У палітычным сэнсе ацэнка правільная. Ціханоўская ўвайшла ў палітыку непадрыхтаванай, ня ведаючы яе правілаў і не разумеючы, што гэта такое, што за сілы тут сутыкаюцца. Але галоўнае — не ўсьведамляючы адказнасьці за лёс Беларусі. Фінал сумны. Згодна яе словаў, матывацыяй да такога кроку былі сямейныя інтарэсы, любоў да мужа і жаданьне вызваліць яго з турмы. Ціханоўскую ўцягнулі ў маскоўскі гібрыдны план зьмены ўлады ў Беларусі. Згодна гэтага плану Лукашэнку мусіла б замяніць іншая, залежная ад Масквы асоба. Хунта Лукашэнкі зразумела план і пазбавілася ад двух яго выканаўцаў у выбарчай кампаніі. Тады прадстаўнікі адкінутых штабоў гэбіста Цапкалы і банкіра Бабарыкі прапанавалі Ціханоўскай падтрымку, сродкі, людзей і сумесную дзейнасьць дзеля дасягненьня ўлады. Ціханоўская выконвала б ролю падстаўной тэхнічнай фігуры, на плячах якой Цапкала і Бабарыка ўехалі б у беларускую ўладу. Бабарыка заняў бы пасаду прэм'ер- міністра ўраду, Цапкала — старшыні палаты прадстаўнікоў. На працягу шасьці месяцаў яны падрыхтавалі б нечарговыя прэзыдэнцкія выбары (па закону — пры адстаўцы Ціханоўскай, якая вярнулася б на кухню). Прэзыдэнтам зрабілі б аднаго з двух (Цапкалу ці Бабарыку). Потым яны правялі б незаконны рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі 1994 года, каб увесьці дзяржаўнасьць моўнай расейшчыны (гэтак жа як Лукашэнка). Характэрна, што Ціханоўская, калі б стала прэзыдэнтам, не павінна б была зьмяніць заканадаўства рэжыму і чыноўную вертыкаль. Апарат і лукашысцкае чынавенства засталіся б на месцы. (Яна без перастанку пра тое казала). Пэўны пэрыяд цалкам заставалася дыктатарская сістэма ўлады і заканадаўства. За гэты час дзяржаўная маёмасьць, зямля і прадпрыемствы ўжо пасьпелі б апынуцца ў руках расейскага капіталу. Гэты план брутальным чынам паламаў Лукашэнка. У барацьбе за ўладу на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 года змагаліся дзьве прамаскоўскія групоўкі. Зь іх адна скарыстала Сьвятлану Ціханоўскую і імкненьне беларускага народа зьняць Лукашэнку пад лёзунгам "абы не Лукашэнка". Афіцыйная групоўка абапіралася сама на сябе і на сілавыя структуры сваёй улады. Беларускай кандыдацкай альтэрнатывы не было на гэтых выбарах. Араентацыя беларусаў была на байкот галасаваньня і новыя выбары бяз Лукашэнкі. Аднак групоўка штабоў і Ціханоўская, скарыстаўшы антылукашысцкую эйфарыю людзей, імпэтна перакуліла план байкоту. Штабісты, апанаваўшы Ціханоўскую пасьля паразы на фальшывых выбарах, працягвалі барацьбу і, засланяючыся Ціханоўскай, хацелі скарыстаць народныя пратэсты, каб пад ціскам праштурхнуць Ціханоўскую на прэзыдэнта. Але тут пайшло ня так. Народ масава выйшаў пратэставаць як салідарная нацыя. У выніку адна штабістка ўцякла ў Маскву, іншая недзе на пэўны час сьцішылася. Рэжымныя ўлады (пры дапамозе штабістаў банкіра Бабарыкі) заманілі Ціханоўскую ў закрытае памяшканьне і жорстка зь ёй пагаварылі. Размова доўжылася тры гадзіны, бо Сьвятлана, магчыма, супраціўлялася, каб не падпісваць паперу, якую ў такіх абставінах звычайна прапануюць спэцслужбы. Пад ціскам Сьвятлана адмовілася ад палітычнай дзейнасьці і заклікала людзей, каб не пратэставалі. У гэты ж дзень спэцслужбы вывезьлі яе ў Вільню, дзе ёй ужо было падрыхтаванае жыльлё. Цяпер "віленскія" ўлады забясьпечылі ёй ахову і нікога да яе не падпускаюць, спасылаючыся на карантын эпідэміі (працуюць зь Ціханоўскай самы). З гледзішча палітычнага спадар Портнікаў, не зусім разумеючы рэальныя плыні выбарчай палітыкі ў Беларусі, крытычна распляскаў Ціханоўскую (і, дарэчы, увесь грамадзкі стыхійны пратэст у Беларусі). Але паўтаруся, усё нашмат больш складана, і нават не заўсёды так, як піша крытык. Зразумела, што грамадзкі пратэст не арганізаваны, не падрыхтаваны, стыхійны, без кіраўніцтва, без абазначанай мэты і г. д. Але гэта ня бунт. Гэта ўсьвядомлены выступ народа супраць несправядлівага антыбеларускага рэжыму і супраць вар'ята ва ўладзе, які яго ўзначальвае, зьневажае і душыць народ. Гэта выступ супраць узурпатара, які сфальсіфікаваў выбары, гатовы прадаць краіну і незалежнасьць Бацькаўшчыны. Пратэст ужо ня зьнікне. Пункт невяртаньня пяройдзены. У сэнсе гуманітарным (і ў палітычным таксама), выбар Сьвятланы выехаць у Вільню — правільны, хоць зрабіць яго яе прымусілі ворагі Беларусі ў вайне супраць іншых ворагаў Беларусі, паміж якімі яна апынулася на хвалі выбарчай эйфарыі людзей і нянавісьці іх да Лукашэнкі. На выбарчай хвалі Ціханоўскую ўзьнесьлі на вяршыню электаральнага пратэсту, але яна ніякі не народны лідар, не нацыянальны дзяяч і не палітык. Яна часовая фігура, якая выпадкова апынулася ў патрэбны час у патрэбным месцы, толькі, на жаль, не ў сваёй ролі. Каб не іграць чужую ролю, ёй не хапіла самага галоўнага, што патрабуецца ў такой сітуацыі — Беларусі ў сэрцы. Зьбег цяжкіх абставінаў дазволіў ёй саскочыць з чужой фурманкі, захаваць жыцьцё, здароўе, сям'ю, дзяцей і асабістую свабоду. Але мушу асабліва адзначыць, што ахвяра Сьвятланы (а яна ахвяравалася дзеля мужа на невядомую справу) не мінула дарма. Аб'ектыўна — гэта якраз Сьвятлана сваім зьяўленьнем падштурхнула шырокія масы беларусаў на пратэст супраць дыктатуры і варварства Лукашэнкі, на змаганьне за справядлівасьць ды лепшую долю людзей. Такія ёсьць дзівосы гісторыі. Зьяўленьне Ціханоўскай у ролі альтэрнатывы Лукашэнку стала штуршком, які распачаў працэс вызваленьня ад 26-гадовага страху, зьняваг і прыніжэньня з боку хама і вар'ята. Гэты працэс ужо ня спыніцца. Рана ці позна – дыктатура зьнікне. Самае горшае, што можа цяпер стацца з Ціханоўскай — гэта калі яна зноў трапіць у хітрыя лапы Масквы, якая пачне яе пхаць на ролю палітычнай апазыцыі Лукашэнку, сьпяваючы дыфірамбы. А потым, калі да яе падкоцяць дабрадзеі ды палітыкі ад заходніх лявацкіх інстытутаў (сутнасьці якіх яна абсалютна ня ведае), ды ўганаруюць яе ўяўным "прэзыдэнцтвам", ды прапануюць тое ды гэтае, Брусэль ды Парыж, ды раскажуць ёй пра правы маргіналаў... Тут і канец. Усялякая камэдыя мае канец. Але казаць наперад ня буду, бо ведаю, што непатрэбна. 14 жнівень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК http://www.narodnaja-partyja.org/00--Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja--fr--pg/00--Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja--bk--an--01/zauvagiabfalsyvyhvybarah

Теги других блогов: Беларусь выбары палітыка