#верш@bel.svet
Ларыса Геніюш
* * *
Адна ёсьць толькі ў сьвеце Беларусь,
адна ёсьць толькі маці ў чалавека,
адно ў нас сэрца, што на часткі рвуць,
і Край адзін, для нашых сэрцаў – Мека!
Адзіны чэсны беларускі твар,
адно ў нас чалавечае сумленьне,
адна ёсьць праўда і адзін алтар,
народ адзін, і мы ў ім – пакаленьне.
Адна ў нас мова, продак што данёс,
адна крыніца, із каторай выйшлі,
адна сям’я мы і адзін наш лёс –
ў палацах мы ці зноў на папялішчах.
Адна зямелька – там, дзе продкі сьпяць,
адна Пагоня, што нам сэрцы будзіць,
адно памкненьне – людзям шчасьце даць,
адно жыцьцё – другога ў нас ня будзе!
Вось вырасьце юнак зь цяжкіх нягод,
да вышыні праб’ецца ў сьвеце нейкай,
і скажуць людзі: пазнаем наш род,
то з нашай беларускае сямейкі!
Наш Караткевіч – скажуць, – наш Клімук,
Купала наш і наш Кастусь харобры,
і Танк, і Брыль, і Быкаў, і Гаўрук,
і наша, толькі наша Вольга Корбут!
Адныя ў пушчы слаўныя зубры,
адзіны толькі ў крывічоў Скарына,
адныя ў нашым сэрцы «Песьняры»,
як сьпеў наш непаўторны і адзіны.
Ратуем мову мы цаной жыцьця,
ратуем Край, хоць нам пакутай грозяць.
Той нам ня брат, каму наш боль няўцям,
з такімі нам ісьці не па дарозе.
Адно ў нас сэрца і адна сям’я,
нядарам вораг цэліць нам у сэрца.
Харошая Крывіцкая зямля
у рукі злыдням лёгка не даецца!
Нам выстаяць адзін ля аднаго,
нам вытрываць, ад ранаў не упасьці,
не адлятаць усім з гнязда свайго,
калі народ зьняволены ў няшчасьці.
Ці лёгка нам, ці доля – як цяжар,
нам трэба тое памятаць заўсёды,
што наш народ – то наш уласны твар,
і кожны з нас – ёсьць твар свайго народа!
Што ж, вырадкі здараюцца, на жаль,
якім чужое больш засмакавала.
Такія брацьцяў рэжуць без нажа,
ім крыўд зямлі і сьлёзаў нашых мала.
Такі ў бядзе ня ўстане ў цэлы рост
і подласьцям чужым не запярэчыць,
ад жалю піскне, падабраўшы хвост –
ні чорту качарга, ні Богу сьвечка.
Паціху, шэптам, толькі з-за вугла
заные часам пра сваю «народнасьць»
без спачуваньня ў сэрцы, безь цяпла –
такая вось казённая гаротнасьць.
I за такое каецца сто раз
і скажа, што няволя – дасягненьне,
і скажа, што прыйшоў «шчасьлівы час»,
хоць ён бяз волі, праўды і сумленьня.
Калі наўкола ўсё для нас ня так,
і крыўдна, цяжка нашаму народу,
ён ціхенька хіхікне у кулак,
і тым, і гэтым добранькі заўсёды.
На’т мову родную ён для гасьцей
з гарэлкаю падасьць у хаце ветла
і адвучацьме ад яе дзяцей –
нявыгадна, хай нос трымаюць зь ветрам.
Адказнасьць час на нашы плечы ўсклаў.
Турма пакуль за бой наш – нагарода.
I ўсё ж няма для нас вялікшых спраў,
чым лёс і доля ўласнага народа!
Адзіны чэсны беларускі твар,
адно ў нас чалавечае сумленьне.
Адна ёсьць праўда і адзін алтар,
адзін народ, і мы ў ім – пакаленьне!